I зразумееш на чужых вятрах...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

I зразумееш на чужых вятрах,
Што толькі дома ты і быў адзіны.
Цяпер, як гук забытае лаціны,
Наводзіш на сябе самога страх.
Жывеш ужо ні дома, ні ў гасцях,
Узгадваючы родныя мясціны,
Адкуль прыходзяць чорныя вясціны.
Там засяляюць могілкі прасцяг.

Пра ўсё, што мелася ў жыцці адбыцца,
Лес напісаў калісьці на пяску.
Даўно пісьмёны змыла навальніца.
Адзін туды зрабіўся шлях кароткі,
Дзе, на спачын прылёгшы неўзнаку,
Цябе цярплівыя чакаюць продкі.