Не ад самоты пасівеў палын...

Яшчэ не ацэнена

Не ад самоты пасівеў палын,
Яго сівое полымя спаліла.
Гаркоты неразведзеная сіла
Настоіць сум завоблачных далін.
Вяртае палыновы пах з чужын
На сцежку, што сляды хадзіць вучыла,
Дзе вербіна нагнулася пахіла,
Каб цень паслаць знямозе на спачын.

Сівеюць валуны і завірухі,
Сівеюць Млечны і нявечны шлях.
Сівыя крушні крушацца ад скрухі.
Міжволі далячынь гарчыць пакорай.
Абнашчаны ўсяго зямнога прах
Галінкай палыноваю бадзёрай.