Стаў весялейшы і святлейшы хлеў...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Стаў весялейшы і святлейшы хлеў —
Лысоня ацялілася. Як свята,
Падзею гэту святкавала хата.
Малодзіва гарачы снег бялеў.
Мароз і той змяніў на літасць гнеў.
Спяшала хлеб у печ садзіць лапата.
Бычок на свет глядзеў дзівакавата,
Ці з радасці, ці з роспачы мычэў.

I доўга ўсмешкі ўсцешныя не гаслі.
Чакала кошка Найда малака.
Вячэралі смачнейшым сенам яслі.
Цыбуля плакала асірацела.
Турботаў гаманкая талака
З гаспадарамі разам маладзела.