Марыі Андруковіч —
з падзякаю за аер
У хаце дыхае аерам, маем.
Схаваўшы цень свой пад крысо,
Дзяды
Траецкія прыйшлі.
Мы іх прымаем,
Чым маем:
— Хоць спачніце ад хады!
Маўчаць Дзяды,
Маўчаць, як аблачыны,
Што мусілі праліцца цішынёй.
I прыцемкаў забытых
Пух качыны
Змятаецца нябеснай даланёй.
Траецкі дождж
Паволі любіць ліцца,
Чакаў,
Калі прыйшла пара касіць.
Стараецца дарэмна бліскавіца
Сама сябе за локаць укусіць...