Цікаўнасць,
Трымаючы ўсё на прыкмеце,
Пытаецца ў вечара з-за спіны,
Ці ёсць у пані Вечнасці дзеці.
Як ёсць,
Дык якія і хто яны?
Цікаўнасць,
Трымаючы ўсё на прыкмеце,
Пытаецца ў вечара з-за спіны,
Ці ёсць у пані Вечнасці дзеці.
Як ёсць,
Дык якія і хто яны?
Памяці Алеся Адамовіча
У перамоўклым садзе ў разварушшы
Спадаюць яблыкі,
Нібы гады.
Ці можа гэта праведныя душы
Свае шукаюць босыя сляды.
Каму распавядзе
Глухая градка,
Як у зямлі,
Паслушлівай лясам,
Нібы ў халодным яблыку
Зярнятка,
Спіць гаспадар,
I сад старэе сам...
Вяртанне з Вушачы 30 сакавіка 1985 года
Снег на адлегу чулы.
У нас яшчэ вясна не адагрэлася.
Едзем з тэлевізійнікамі.
Начэе грузна й сыравата.
Перазяблы туман,
Як, пэўна, бацька мой,
Некалі недзе тут партызанячы,
У маскхалаце белым амаль
Па белым амаль снезе йдзе...
У кулаку
У задумлівага й задымлівага
Міхася Стральцова
Акурак зоркі.
У зорак
I ў Міхася Стральцова
З небам размова...
Вяртаюць халады душу дадому
Пад столь, дзе ад калыскі цень жывы.
Дзе, стому не даверыўшы нікому,
Сон падрамаць плыве на паплавы.
Дзе аніпадлеглы духу злому
Сумуе па лістах на Пакравы.
Князь Хатнік — костка ў горле духу злому —
Грамнічных траў набраў у рукавы.
Бадзёрай памяць робяць халады.
Ёй даспадобы разамлець ад спёкі.
Золь смокча соты дроў з сырой грады.
Асеў з грахамі асачысты стог.
Маўчаць у задуменнасці аблокі.
Ці словы маміны, што ўчуцьме Бог?
Похапкам паліць Пярун
Лучыну нервовую бліскавіцаў,
Каб у цемрачы адшукаць
Пярсцёнак,
Які прымяраў на мезінчык.
А той пакаціўся
Круглы,
Як рэха,
У далёкае некуды.
Пярун толькі бачыць,
Як бліскаюць
Босыя пяткі дажджу...
А ён зніцелы, худы
Уцякае куды?
Што шукае?
Спрасоння Пярун барадаты
Сваё нецярпенне цадзіў праз зубы.
Бліскавіцы, як стараннай школьніцы,
Захацелася запісаць хоць нешта
На чыстым лістку блакіту.
Але Віхор
Быў з раніцы не ў гуморы
I сыраватай хмурынкай
Беглыя накіды сцёр таропка.
I ад нервовага тэксту
Засталася ўпэўненая сонцакропка.
Да вечара.
Дзе ачунялая, дзе шалёная,
Дзе, як лязо кАтава,
Асака,
Дзе, як мілосць, далікатная
Мурава,
Сястра каласка,
Стралы пляменніца,
Смарагда,
Што таямніцай праменіцца,
Суперніца,
Ярылава верніца,
Яна адна
З прадоння й дна
З дасвецця
I з тагосвецця
Вернецца,
Як знава,
Бязлітасная трава.
На ўгарбелых паганскіх капішчах
Ацішаныя крывіцкія клады.
Бо ўдзячнакайлівы напамін —
Клад да недаступнасці безабаронны.
Дух продкаў заўсягды малады.
Смутак вякоў не ачах яшчэ.
Сцежкі дапытлівыя на размін
Лёс раскручвае ў свет зялёны...
Здаецца падчас, што й паганскіх багоў
Як першапраходцаў, як чорнарабочых
Госпад паслаў да зямных берагоў,
Да працы зусім незямное ахвочых.
Яны пабылі — дрэвы ды камяні,
Вятры з перунамі — багамі.
I слову служылі, й глухой цішыні,
I першае святасці дапамагалі.
Ад дрэў радавод багоў нават пні
Сякера веры секла з размаху.
Але дагэтуль іх карані
Варушацца ў цемры нашага страху...
Вада на тое й тоіцца, каб ліцца,
Рыпіць ля крушні скруха:
Сон не руш...
Узгадвае пра капішча капліца —
Начлег часовы пералётных душ.
Душы хутчэй бы з зорамі пыліцца,
Ды глухне шлях ад зманнай гаманы.
I кеміць, як халодны грэх,
Капліца:
Цяжэйшы пыл нябесны ці зямны?..
Мычыць у небе зорная цяліца.
Цямнее крыж,
Як воран-чарнакрыл.
I крылаў дачакаецца капліца,
Каб паляцець і ёй за небасхіл...
Памяці Юзэфы Кухарскай-Кастрыцнікайтэ
А бабка ходзіць,
Размаўляе з травамі,
Перапрашаючы, што іх ірве.
I называе йменнямі ласкавымі,
Хаваючы спагаду ў рукаве.
Пра нешта
Травы шэпчуцца з вядзьмаркаю.
Іх выслухаць хапае цішыні.
Яна плыве
З нябёсаў збеглай хмаркаю.
Яна й свае шукае карані.
Гарох гаркоты,
Боб спакоры пералушчаны.
Гул выкрыкаў адгуў,
Шал выбрыкаў адбрыкаў.
Пяць зорак каньяку
Упартай Беларушчыны —
Купала, Багдановіч, Колас,
Караткевіч, Быкаў.