Усё жыццё, як дзень адзін, прайшло...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Усё жыццё, як дзень адзін, прайшло.
Усё, што мучыла і хвалявала,
Перагарэла, ўціхлася трывала.
З цямніцы цені выйшлі на святло.
Таіць свой позірк перастала зло.
Змяя спакусы прыхавала джала,
Старацца лёсу засталося мала,
I паскупела ў шчодрасці кубло.

Спагады палахлівыя галіны
Дрыжаць і ахінаюць цішыню,
Даўно паразумеліся правіны.
Смялее страх, як цёмнае пытанне,
Ды падстаўляе радасць даланю
Пад лівень сонечны на развітанне.