Не сплю і сяджу,
як адзінокая птушка на даху.
Псальм 101:8
Адзінокая птушка на даху —
Дах вартуе,
Ці дах яе
I трымае, й бароніць
Ад страху.
Птушка прыцемкаў
Сумна пяе.
Адзінокая птушка на даху —
Ад падумкі той аднае,
Што крылу не стае размаху,
У пляніцу сябе аддае.
Адзінокая птушка на даху —
Забываецца песні свае.
За халодную апранаху
Вечару свой цень прадае.