Госпадзе, не забудзься ўранні...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Госпадзе, не забудзься ўранні,
Узгадай увечары,
Памяні словамі туманоў
Смяротна заснулых у спадзяванні
Уваскрошання да жыцця вечнага
Нашых братоў і бацькоў,
I ўсіх, якія волю Айчыны
Мечамі праведнымі прывячалі,
Якія і ў злыя часіны
Заставаліся крывічамі,
За кім зачыніліся зямныя дзверы,
Якія жыццё сваё скончылі
У пабожнасці й веры.
Даруй ім волю й няволю віны,
Якой правініліся перад Табою яны
Словам, думкаю, справаю,
Абвянчаныя з ганьбай і з славаю,
Бо яны былі толькі людзьмі.
Валадару, іх да сябе прымі.
Дай ім і нам Тваю Гасподу
I ўдзел у добрых дзеях Тваіх,
I жыцця Твайго бясконцага
I невыказнага насалоду,
Бо Ты ёсць шчасце й жыццё,
Уваскрошанне ды спакой
Тваіх змерлых слугаў.
Ты, Хрысце Божа наш,
Слых самы бяссонны той,
Які ўсё пачуў, паслухаў.
I мы, адганяючы сквапную скруху,
Славу ўзносім Табе
I Айцу Твайму несканчатнаму,
I жыццядатнаму Святому Духу
З нагоды дагоды цяпер і заўсёды
I на вечных вякоў зачын. Амін.