Дабрашчасны, хто возьме і заб'е
немаўлятак тваіх аб камень!
Псальм 136:10
Хай сабе ён і ворагаў —
Чэрап дзіцячы,
Ён — маленькае неба,
Дзе небасхіл няпэўны
Трымаецца на радасным плачы,
Чэрап будучага пастуха
Ці царэўны.
Хай жа камень праклёну
Мяккай падушкай стане
З летуценнага пер'я
Залётнае аблачыны.
Хай аб наканаванні
Дзіця папярэдзяць здані,
Хай здымуць камень з сэрца
У змрочнай прычыны!