Мне не хапае Вашай цішыні...

Яшчэ не ацэнена

Мне не хапае Вашай цішыні,
Ў якой чуваць, як вейка ападае.
Мне не хапае Вашай вышыні,
З якой знікае знічка маладая.

Як светла знічка кленчыла зямлі,
Мы на яе набожна загадалі.
Пакуль нябёсы нашымі былі,
Маўчаць мне Вашы вочы загадалі.

Мне ўпэўненасці Вашай не стае.
Мне не хапае Вашага адчаю.
Я забываю на гады свае
I ва ўспамінаў смеласць пазычаю.

Сваю нясмеласць некалі таіў
I мроіў некім, гэта значыць Вамі.
З крыніцы свойскай жаўрука паіў,
Каб ён звінеў над спраўджанымі снамі.

Мне не хапае Вас і толькі Вас.
Ручны жаўрук даўно жыве ў блакіце.
А Вы мяне ці ўспомнілі хоць раз?
Як не лістом, хоць рэхам адкажыце.