Хай у далоні пляскаюць рэкі...
Псальм 97:8
На даланях у рэкаў
Няма віны,
Рэкі нічога нікому не вінны.
На даланях у рэкаў чаўны,
На даланях у чаўноў
Дамавіны.
Дамавіны у далонях
Няволяць час,
У рэкаў з далоняў
Сплываюць аблокі.
З далоняў поймаў,
Адбыўшы папас,
Узлятае смутак глыбокі.
I калі ганец прынясе
Дасвеццю радасныя навіны,
У далоні пляскаць усе
Будуць
Не таму, што павінны.