Усюды ходзяць бязбожныя, калі
нікчэмнасць з сыноў чалавечых
узвысілася.
Псальм 11:9
На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Жывуць, каб толькі
Жыць валадарамі,
I д'яблавымі цешыцца дарамі,
Пакуль у пугу вераць табуны.
На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Стараюцца сябе зрабіць багамі.
I ў Божым храме
Хам крычыць у хаме,
Павагу й зайздрасць
Мае да маны.
На ўсё стае бязбожных,
Бо без іх,
Відаць, было б і небу сумнавата.
I ціхі кат за брата лічыць ката.
I вечны грэх
На ўсё глядзіць, як мніх.
На ўсё стае бязбожных,
Бо праз іх
Нікчэмнасць узвышаецца пыхліва.
I пустазеліцца людская ніва,
А не ўцячы ёй
Ад сярпоў тупых.