Пастаў над імі бязбожнага,
і д'ябал хай стане
праваруч яго.
Псальм 108:6
Над тымі,
Што назваліся людзямі
I рохкаюць галодна ля карыта,
Пастаў бязбожнага,
Няхай яны
Плывуць ракою забыцця ладдзямі,
Няхай спяшаюцца парнакапыта
Падставіць хілы хіб пад бізуны.
I праваруч ад самаўладца-хама
Самога д'ябла ў чорным ахінале
Пастаў,
Няхай пасведчыць чарадзе
I светласць хама,
I сваю таксама.
Каб дзякуй і за кратамі казалі
Бязбожніку,
Што ў шчасце іх вядзе.
А тое шчасце —
Мешанка густая
I рэдкая,
А тое шчасце ў спрыце,
У звадах за харчы перамагчы.
Абы не хутка ўбачыць
Дно ў карыце.
А дасць мароз,
Як адарваць лычы?