Дзень дню перадае слова,
і ноч ночы адкрывае веды.
Псальм 18:3
Ноч з галавы,
А дзень жыве з вачэй,
Ноч грэшна бавіць час,
А дзень пацешна.
Ноч думае,
А дзень сабе хутчэй
Стараецца ўсё выгаварыць
Спешна.
Дзень перадаць
Наступніку свайму
Спяшае недамоўленае слова,
Сэнс грэецца ля зорак
I таму
На долы абніжаецца часова.
Як ні шапчы,
Як крычма ні крычы, —
Сэнс рэдка адгукаецца на словы.
I веды ноч перадае начы,
А ў ведаў зірк
Прыхмарана суровы.
Як не сляпы,
Той зірк убачыш ты.
Калі й сляпы,
Адчуеш зірк душою.
Відушчым зробішся ад віднаты,
I станецца сваім табе чужое.