Вычарпалася ў скрусе жыццё маё
і леты мае ў стагнотах...
Псальм 30:11
Прыгоршчамі маладзіка й веташка
I даланёю поўні
Вычэрпвае дні мае скрухі рука,
Дапаўшы да апошняе схоўні.
Вычэрпвае,
Як з чаўна ваду,
Вычэрпвае й дно выскрабае.
Я следам за ценямі дзён іду.
Вярнуць іх надзея слабая.
Спяшаюцца цені,
Знікаюць яны,
Не ведаючы ляноты.
I застаюцца са мною адны
Скруха мая ды стагноты.