Я зрабіўся як сыч у руінах...
Псальм 101:7
Руйнуе нявечнае час —
Усё, што з граніту ці з гліны.
Руйнуе сівыя руіны,
Трымае нібы напаказ.
I людзі,
I птушкі, й звяры —
Жывыя руіны руінаў.
Пакінуў іх Бог для ўспамінаў
Пра страчаны рай да пары.
Высока сябе несучы,
Сплываюць вякі ды аблокі.
I страх,
Быццам сыч вірлавокі,
Турбуе руіны начы.