Калі я пайду далінай
смяротнага ценю...
Псальм 22:4
Са мной паміраціме
Цень мой жывы.
I цень мой
Нябожчыкам стане таксама,
Зачыніцца глуха нябесная брама,
Не ўбачу ў даліне
Ні хмар, ні травы.
Паселіцца вечная ноч уваччу.
Сваё адхвалююся,
Адлетуценю.
У змрочнай даліне
Смяротнага ценю
Я з ценем сваім развітацца хачу.
Бо цень быў
Напарнікам мне і віжом,
Сачыў, віжаваў,
Дзе б ні жыў пры святле я.
У зябкай даліне
I цень мой скалее,
Не выпырхне ні вераб'ём,
Ні стрыжом.
На сцежцы стаптанай
I на ярыне
Кунежна слядам
I нястрымна трымценню.
I покуль жывы, давяраюся ценю,
Бо ценіцца цень
I дрыжыць за мяне.