Каб не заснуў я сном смерці...
Псальм 12:4
А сон жыцця
Кароткі, як жыццё.
Сон у жыцця —
Трывожны, клапатлівы.
I чалавек — капрызнае дзіця
Ў кароткім сне
Спакойны ды шчаслівы.
У смерці сон
Даўжэйшы за яе,
Сон беспрабудны,
Цёмны, страхавіты.
Ніколі ён назад не аддае,
Хто зябкай павітухаю спавіты.
I, кватарант жыцця,
Пакуль жыве,
Ён ад жыцця
У сон жывы ўцякае,
Каб спадабацца
Смерці-удаве.
I спіць жыццё.
А іншы сон чакае.