Ці на неба ўзыду — Ты там;
ці сыду ў апраметную —
і там Ты.
Псальм 138:8
Ты са мною
I ў радасці, і ў бядзе,
I ў сумятні віратлівай,
І ў цярплівай маркоце.
Тваё павадырства
Па свеце вядзе,
Ты крылле, як ластаўцы,
Даеш душы на адлёце.
Ты са мной,
Каб не быў я ў самоце нідзе.
Ласка Твая маладая
Ад знянацкай надзеі.
Кара Твая відушчая ведае,
Дзе
Жыве дабрыня,
Дзе ліха лішаць ліхадзеі.
Я да скону ў палоне Тваім,
I пасля
Папрашуся застацца
У вечным палоне душою.
Я з Табою,
Пакуль мяне носіць зямля.
I калі перастану быць,
Застануся з Табою.