Усёчуйны, пачуй...

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Усёчуйны, пачуй
Кайны наш лямант і плач.
Тым, хто нас ненавідзіць і крыўдзіць,
Чалавекалюбча, прабач.
Тых, хто шчодрыць дабро,
Узвяліч дары.
Братам і крэўнікам нашым
Правіны даруй
I вечнае жыццё падары.
Наведай нямоглых у чорныя дні.
Ацалі іх і моцу вярні.
Тых, хто ў моры,
Не пакінь у горы.
З тымі, хто у падарожжах,
Будзь і ў клопатах Божых.
Тым, хто слугуе роднаму краю,
Хто нашую мову мілуе,
Пакажы сцяжынку да раю,
Даруй і праграшынку малую.
Тых, хто просіць нас
Памаліцца шчыра за іх,
Памілуй, бо маеш
Вялікую літасць да ўсіх.
Памяні, Госпадзе,
Нашых бацькоў ды братоў,
Што адышлі ў Твой край,
Ад святла аблічча Твайго спагатоў
Спакой ім, спачылым, дай.
Памяні, Госпадзе, нашых братоў,
Што й сёння
Ва ўчарашняга дня ў палоне,
Вызвалі ад кайданоў
I душы іхныя, і далоні,
Каб мелі галаву на плячах,
А не неслі, як горб, за плячамі.
Каб зоры займаліся ў смелых вачах,
Каб пачуваліся вольнымі крывічамі.
Памяні, Госпадзе,
Усіх дабраплодных і дабрачынных
У Тваіх святынях адчыненых,
Выслухай просьбы іхныя аб збаўленні,
Імем Тваім асвечаныя,
I дай ім жыццё вечнае.
Памяні, Госпадзе, нас,
Рабоў Тваіх грэшных, рахманых,
Тут, на задуманай Табою зямлі,
I святлом Свае мудрасці прасвятлі
Розум наш, што ўвечарэў у заганах.
I скіруй на сцежкі святарныя
Запаветаў Тваіх
Малітвамі Прачыстае Багародзіцы —
Нашае Валадарыні
I Прыснадзевы Марыі і Ўсіх Святых.
Будзем ісці да Цябе
I ў радасці і ў журбе,
З песнямі і з плачом,
Покуль будзе сябе называць
Крывічом
Паслухмянец Твой хоць адзін. Амін.