Уздыманне рук маіх —
як ахвяра вячэрняя.
Псальм 140:2
Вячэрнюю ахвяру прыношу —
Уздымаю рукі свае,
Яны
Трымаюць яшчэ сырую пакошу
З лугоў раскайнасці і віны.
Вячэрнюю прыношу ахвяру —
Узношу рукі свае,
Яны
Трымаюць, як ношу,
Цёмную хмару
Неўсвядомленае маны.
Не плоцячы вечнаму смутку
Мыты,
Прашу спагады ў наступнага дня.
Малюся,
Самім сабою забыты.
А можа, ўспомніць мяне
Вышыня?