Я не спяшаюся зіму сустрэць...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Я не спяшаюся зіму сустрэць,
Пакуль гасцюе лета ў сэрцах нашых,
Пакуль шалее хмель у поўных чашах,
Агню лагоды хочацца гарэць.

Я Вас праводжу, як праводзяць ноч,
Сцямнелую ад жарсці і знямогі,
Кілімы ўдзячнасці сцялю пад ногі,
Шлю рэха радасці ісці наўзбоч.

Як раніцу, я сустракаю Вас,
Ад суму адзічэлы і ўначэлы,
Крылатага стральца сляпыя стрэлы
Цаляюць у ратунак мой якраз.

Баюся страціць Вас і пастарэць,
Мая вясна і лета залатое.
Мне варта жыць было б хаця б за тое,
Каб Вас, неразгаданую, сустрэць.