Як маладзік, я сірацеў...

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Як маладзік, я сірацеў.
Высока зорыліся Шалі.
Я Вашым ценем быць хацеў,
А Вы мяне не заўважалі.

Шлях да світання карацеў,
Аблокі спёку жабравалі,
Я Вашым смуткам быць хацеў,
А Вы са смехам сябравалі.

Як адзінокі птах, ляцеў,
Лічыў, як вёрсты, небасхілы,
Быць Вашым вестуном хацеў,
А Вы не блаславілі крылы.

Мой цень забрала засень дрэў,
Лісцё надзеі ападае.
Як летні дзень, я пастарэў,
А Вы, як радасць, маладая.