Яліны — пад жытло буслам...
Псальм 103:17
Яліны —
Зялёныя скініі,
Прыстанак прысталых крокаў.
Нябёсы на стрэхі ім скінулі
Буслоў
Як акрайкі аблокаў.
СціхА адхінаюцца клёкатам
I цішаю клямчацца дзверы.
Зямным і нябесным клопатам
Буслы
У ялін у даверы.
I позірку ўроіцца смелае:
Прыняўшы дасвецця палоны,
Стаіць,
Ад чакання здранцвелая,
Яліна —
Як бусел зялёны...