На горах воды стаяць.
Псальм 103:6
Зацякаюць ногі ў вады.
Знадакучыць стаяць на стромах,
I тады,
Ашукаўшы брады,
Расцячэцца па сцежках знаёмых.
I паверыць вада вадзе,
Выбегшы
З-пад крыса аблокаў,
I сябе павядзе,
Дападзе
Да таемных сваіх вытокаў.
Там,
Дзе небава стома стаіць,
Вечны позірк паставіў воды.
Горам
Смутак свой не стаіць,
Горам
Гоіцца боль лагоды.