Хто з плачу нясе насенне,
вернецца з радасцю,
несучы снапы свае.
Псальм 125:6
Зерне плачу рунее,
Каб спела
Зазвінець смелаю збажыной.
Толькі тое,
Што доўга зімела,
Не нацешыцца доўга вясной.
I на памяці поля снапамі
Засмяецца ўраджай,
Як багач.
Покуль густа снягі не напалі,
След вятроў даганяціме плач.
I савецьме дакука савою,
Што аблётала гнёзды не ўсе.
Маладзіцаю перад сабою
Радасць
Лёгка снапы панясе.