Ты паставіў зямлю
на цвёрдых асновах...
Безданню, як вопраткаю,
накрыў Ты яе...
Псальм 103:5—6
Зімой завірухі ідуць у попрадкі,
Матаюць ніткі дажджу
Навальніцы,
Каб толькі ты
Не была без вопраткі,
Каб не згарэць табе
I не застудзіцца.
Якімі ткачамі бездань сатканая,
Пашыта краўцамі якімі?
Ахінала цябе ахінае з пашанаю,
Покуль трывогу час не пакіне.
Цябе –
Пылінку няіснасці кволую —
З далані свае не здзьмухне
Магута.
Бясконцасць цябе спавівала
Голую.
Вырасцеш
Будзеш калісьці пачута.