Наведвайце бацькоў...

Яшчэ не ацэнена
Наведвайце бацькоў,
                                пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны —
                                нагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў
                                гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён,
                                сум ля сляпых слупкоў.
Пішыце ім часцей,
                                спакоем ахінайце,
Як ахіналі некалі
                                яны ўсе вашы сны.
Без бацькавых надзей,
                                без ціхай ласкі маці,
Куды б ані заехалі,
                                вы будзеце адны.
Вы маладыя ўсе,
                                пакуль бацькі старыя
Жывуць няўмольным клопатам,
                                каб вам лягчэй было.
А на глухой страсе,
                                якую вецер крые,
Бацян забытым клёкатам
                                нясе ў гняздо цяпло.
Бацькі глядзяць на свет
                                шпакоўнямі пустымі,
Адкуль у вырай вымкнулі
                                вясёлыя шпачкі.
А крылаў лёткі след
                                трывогай жалю стыне,
I выбягаюць дымкія
                                сцяжынкі нацянькі,
Спяшайцеся паспець
                                душою разгавецца,
Пакуль, спагады просячы,
                                на выстылым галлі
Трымціць лісток ледзь-ледзь
                                бяссонніцай на вейцы,
Пакуль завеі ў роспачы
                                шляхоў не замялі.