Снег на адлегу чулы.
У нас яшчэ вясна не адагрэлася.
Едзем з тэлевізійнікамі.
Начэе грузна й сыравата.
Перазяблы туман,
Як, пэўна, бацька мой,
Некалі недзе тут партызанячы,
У маскхалаце белым амаль
Па белым амаль снезе йдзе...
У кулаку
У задумлівага й задымлівага
Міхася Стральцова
Акурак зоркі.
Вяртаюць халады душу дадому
Пад столь, дзе ад калыскі цень жывы.
Дзе, стому не даверыўшы нікому,
Сон падрамаць плыве на паплавы.
Дзе аніпадлеглы духу злому
Сумуе па лістах на Пакравы.
Князь Хатнік — костка ў горле духу злому —
Грамнічных траў набраў у рукавы.
Бадзёрай памяць робяць халады.
Ёй даспадобы разамлець ад спёкі.
Золь смокча соты дроў з сырой грады.
Асеў з грахамі асачысты стог.
Маўчаць у задуменнасці аблокі.
Ці словы маміны, што ўчуцьме Бог?
Похапкам паліць Пярун
Лучыну нервовую бліскавіцаў,
Каб у цемрачы адшукаць
Пярсцёнак,
Які прымяраў на мезінчык.
А той пакаціўся
Круглы,
Як рэха,
У далёкае некуды.
Пярун толькі бачыць,
Як бліскаюць
Босыя пяткі дажджу...
А ён зніцелы, худы
Уцякае куды?
Што шукае?
Спрасоння Пярун барадаты
Сваё нецярпенне цадзіў праз зубы.
Бліскавіцы, як стараннай школьніцы,
Захацелася запісаць хоць нешта
На чыстым лістку блакіту.
Але Віхор
Быў з раніцы не ў гуморы
I сыраватай хмурынкай
Беглыя накіды сцёр таропка.
I ад нервовага тэксту
Засталася ўпэўненая сонцакропка.
Да вечара.
Дзе ачунялая, дзе шалёная,
Дзе, як лязо кАтава,
Асака,
Дзе, як мілосць, далікатная
Мурава,
Сястра каласка,
Стралы пляменніца,
Смарагда,
Што таямніцай праменіцца,
Суперніца,
Ярылава верніца,
Яна адна
З прадоння й дна
З дасвецця
I з тагосвецця
Вернецца,
Як знава,
Бязлітасная трава.
На ўгарбелых паганскіх капішчах
Ацішаныя крывіцкія клады.
Бо ўдзячнакайлівы напамін —
Клад да недаступнасці безабаронны.
Дух продкаў заўсягды малады.
Смутак вякоў не ачах яшчэ.
Сцежкі дапытлівыя на размін
Лёс раскручвае ў свет зялёны...